УСЕСАЮ́ЗНЫ ЛЕ́НІНСКІ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ (ВЛКСМ),

камсамол, маладзёжная грамадска-паліт. арг-цыя ў Расіі і СССР у 1918—91. Створаны на I Усерас. з’ездзе саюзаў рабочай і сял. моладзі 29.10.1918 як Рас. камуніст. саюз моладзі (РКСМ, у яго склад увайшлі і камуніст. маладзёжныя арг-цыі Беларусі). З 1924 — Рас. Ленінскі камуніст. саюз моладзі, з 1926 — ВЛКСМ. Дзейнічаў пад кантролем Камуніст. партыі як яе памочнік і рэзерв. Статут ВЛКСМ патрабаваў ад камсамольцаў змагацца за ажыццяўленне рашэнняў партыі і сав. ўрада. Асн. ідэалаг. задачай камсамола абвяшчалася выхаванне моладзі на ідэях марксізму-ленінізму, выпрацоўка і ўмацаванне ў яе класавага падыходу да ўсіх з’яў жыцця, падрыхтоўка стойкіх, высокаадукаваных, працавітых сав. патрыётаў. У камсамол прымаліся юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў. Першапачатковая жорсткая ідэалаг. патрабавальнасць да ўступаючых паступова паслаблена. У 1970—80-я г. членствам у ВЛКСМ, якое стала ў значнай ступені фармальным, была ахоплена амаль уся моладзь СССР (каля 42 млн. чал. у 1985). Арганізац. структура ВЛКСМ будавалася паводле прынцыпу дэмакр. цэнтралізму. Яе аснову складалі пярвічныя арг-цыі, якія ствараліся на прамысл. і с.-г. прадпрыемствах, у навуч. установах, часцях арміі, флоту і г.д. Вышэйшым органам пярвічнай арг-цыі з’яўляўся агульны сход членаў. Сход выбіраў к-т камсамола, які кіраваў справамі арг-цыі паміж сходамі. Аналагічна будаваліся і вышэйстаячыя камсамольскія арг-цыі — раённыя, гарадскія, абласныя, рэсп. і інш. Вышэйшым органам ВЛКСМ з’яўляўся з’езд ВЛКСМ (адбыліся 22 з’езды), які выбіраў для кіраўніцтва паміж з’ездамі ЦК ВЛКСМ на чале з 1-м сакратаром. Цэнтр. органы друку ВЛКСМ — газ. «Комсомольская правда» і час. «Молодой коммунист». Састаўнымі часткамі ВЛКСМ былі рэсп. камсамольскія арг-цыі саюзных рэспублік СССР (акрамя Расіі), у т. л. Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Камсамол кіраваў Усесаюзнай піянерскай арг-цыяй імя Леніна (гл. ў арт. Піянерскія арганізацыі), быў шэфам сав. ВМФ. Пад яго кіраўніцтвам сав. моладзь удзельнічала ў грамадз. вайне, індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у культ. рэвалюцыі, Вял. Айч. вайне і пасляваен. аднаўленні гаспадаркі, здзяйсненні буйнамаштабных гасп. праектаў 1950—80-х г. З пачаткам перабудовы ў СССР у ВЛКСМ разгарнуўся працэс дэмакратызацыі ўнутрысаюзнага жыцця. Аднак агульны сістэмны крызіс афіц. ідэалогіі і дзярж. сістэмы СССР у канцы 1980 — пач. 1990-х г. прадрашыў і лёс ВЛКСМ, які пачалі пакідаць асобныя рэсп. камсамольскія арг-цыі. XXII надзвычайны з’езд ВЛКСМ (вер. 1991) палічыў вычарпанай паліт. ролю ВЛКСМ як федэрацыі камуніст. саюзаў моладзі і абвясціў аб яго самароспуску.

Літ.:

Славный путь Ленинского комсомола: История ВЛКСМ. 2 изд. М., 1978.

т. 16, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)